У царкве «Благадаць» горада Мінска адзначылі Рэфармацыю
04.11.2016
У царкве «Благадаць» горада Мінска адзначылі Рэфармацыю

30 кастрычніка вернікі царквы «Благадаць» горада Мінска святкавалі Дзень Рэфармацыі. Пастар царквы Алег Акуленка, віншуючы ўсіх прысутных, адзначыў, што гэта не свята з’яўлення пратэстантызму, не свята Кальвіна ці Лютара. Гэта свята Госпаду, свята Божага Слова – Бібліі.

Іс.55:10-11 «Як дождж і сьнег зыходзяць зь неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольнаю радзіць і вырошчваць, каб яна давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць, 11 так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, яно не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў яго». «Некалі Бог паслаў Сваё Слова, яно стала даступным і прынятым у сэрцы. Мы ўспамінаем не проста рэлігійны рух, які быў 500 год таму, але тое, што зрабіла Слова Божае», – адзначыў пастар Алег Акуленка.

Біскуп, намеснік старшыні Саюза ЕХБ у Беларусі, Аляксандр Лотараў павіншаваў вернікаў са святам і адзначыў, што Дзень Рэфармацыі з’яўляецца важным у гісторыі. Рэфармацыю пачаў Бог, таму што не хацеў пакінуць Сваю царкву ў справах плоці, Ён не хоча, каб хто загінуў. Госпад завершыць Сваю Рэфармацыю, Ён прыйдзе на зямлю, каб забраць нас.

Намеснік біскупа Аб'яднанай царквы ХВЕ ў РБ, Рэктар тэалагічнага інстытута ХВЕ Сяргей Паднюк звярнуўся да вернікаў са словамі: «Рэфармацыя – гэта не толькі гістарычная падзея. Людзі зноў звярнуліся да Божага Слова. Наколькі важна, каб мы падпарадкоўвалі сябе Слову Божаму».

Пс.89:12 «Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць». У Божым Слове мы можам знайсці адказы на нашы пытанні. Мудрасць – здольнасць чалавечага характару выкарыстоўваць свае веды ў жыцці. Каб прымаць верныя рашэнні, мы павінны вучыцца мудрасці.

Мудрасць дае Бог. Якаў раіць прасіць яе ў Бога (Як.3:13-17). Божае Слова дае мудрасць. Іс.Нав.1:8 «Хай не адыходзіць гэтая кніга закона ад вуснаў тваіх: а павучайся ў ёй дзень і ноч, каб дакладна выконваць усё, што ў ёй напісана: тады ты мецьмеш посьпех на шляхах тваіх і будзеш дзеяць разумна»

Антоні Бокун, пастар мінскай царквы «Ян Прадвеснік», распавёў аб гісторыі напісання беларускай Бібліі, а таксама нагадаў аб гістарычных падзеях 31 кастрычніка 1517 года, калі Марцін Лютар прыбіў свае 95 тэзісаў супраць індульгенцый да брамы Замкавай царквы ў Вітэнбергу. 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына пачаў друкаваць Біблію на беларускай мове. Гэтыя дзве падзеі звязаны. З гэтага пачалася Рэфармацыя, хрысціянскі свет стаў вызначаць гісторыю ўсяго свету.

У 2017 годзе Беларусь адзначае падвойны юбілей – 500 год друкавання беларускай Бібліі і Рэфармацыі. Калі Слова Божае гучыць, яно перамяняе народ. Эпоха Рэфармацыі, калі народ пачаў жыць Словам Божым, стала Залатым векам Беларусі.

Насамрэч наша спрадвечная вера – гэта не язычніцтва. Наша гісторыя пачынаецца з прыходам хрысціянства. Наш найбуйнейшы ўздым пачынаецца з друкавання Бібліі на беларускай мове Ф.Скарынам. Яго пераклад – восьмы друкаваны пераклад Бібліі і другі друкаваны пераклад у славянскім свеце, першы пераклад кірыліцай. Гэта першая кніга, надрукаваная на беларускай мове.

Скарына нарадзіўся ў Полацку каля 1490 года, вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, атрымаў ступень бакалаўра вызваленых навук. Стаў доктарам медыцыны ў Падуанскім універсітэце.

Пачаў друкаваць Біблію ў гусіцкай Празе ў 1517 годзе. Ён мог надрукаваць любую кнігу, але надрукаваў Біблію. Вядомы 23 кнігі Ветхага Запавету, якія надрукаваў Скарына. Друкаванне Бібліі падтрымалі: Багдан Онькаў, Якуб Бабіч, Іван Скарына, Юрый Адвернік.

Пераклад Бібліі – гэта тытанічная праца. Скарына пяць год не спыняючыся працаваў над гэтым. Яго мэтай было надрукаваць Біблію для простых людзей.

У 1520 годзе Скарына пераязджае з Прагі ў Вільню. У 1522 годзе ў Вільні друкуе «Малую падарожную кніжку» (Псалтыр, некалькі спеваў). Каб у дарозе людзі маглі чытаць, яна была невялікага фармату. У 1525 годзе выйшла кніга «Апостал» (Дзеі Апосталаў).

Пасля заканчэння справы свайго жыцця (друкавання Бібліі) Скарына ажаніўся з Маргарытай Адвернік. Памёр у Празе ў 1550 годзе.

Францыск Скарына – пачынальнік Рэфармацыі ў Беларусі. Яго лозунг – вяртанне да Бібліі як асновы жыцця. Увогуле Скарына друкаваў толькі Біблію для простага народа, каб браць у дарогу, чытаць дома. Ніякіх іншых кніг ён не друкаваў.

Уся яго дзейнасць сведчыць аб яго веры ў Госпада. Ён перажыў сустрэчу з Ісусам Хрыстом, быў чалавекам веры, чалавекам Пісання. Герб Скарыны, дзе адлюстраваны сонца і месяц, азначае сканчэнне цемры (Рым.13:12 «Ноч прайшла, дзень наблізіўся, дык адкінем справы цемры і апранемся ў зброю святла»).

Сёння беларусы маюць тры пераклады ўсёй Бібліі і дзесяць перакладаў Новага Запавету. Але Слова Божае не павінна стаяць на паліцы, ім патрэбна жыць. Мы павінны спыніцца на нашых шляхах, задумацца, узяць Слова Божае ў свае рукі, каб яно загучала ў нашых вуснах.

Была прадстаўлена для прысутных пастаноўка, якая адлюстравала невялікі адрэзак жыцця першадрукара.

Першы тэзіс Марціна Лютара – наш Госпад і збаўца Ісус Хрыстос сказаў: «Пакайцеся». Ён жадае, каб усё жыццё верніка было пакаяннем. Госпад жадае, каб мы пастаянна імкнуліся паставіць Яго на першае месца ў сваім жыцці.

На працягу набажэнства вернікі дабраслаўлялі краіну, усіх беларусаў, маліліся пра пакаянне народа, каб для людзей Госпад Ісус Хрыстос стаў на першае месца, прыйшло пакаянне ў кожнае сэрца, каб Рэфармацыя прыйшла ў нашу краіну, каб Слова Божае легла ў аснову кожнай дзейнасці, каб Беларусь схіліла калені прад Госпадам Ісусам Хрыстом.

Наталля Чарнамыс

Фота: Павал Еўтух, Уладзімір Грышэль

Просмотров: 6244 
Последние новости
24.03.2024
14.03.2024
22.02.2024
24.12.2023
18.11.2023